РЫ́МСКАЯ СІКСЦІ́НСКАЯ КАПЭ́ЛА,

помнік італьян. мастацтва эпохі Адраджэння ў палацавым комплексе Ватыкана. Узведзена ў 1473—81 (арх. Дж. дэ Дольчы), асвячона ў 1483 пры папе Сіксце IV (адсюль назва) як дамавая царква Ватыкана. З’яўляецца месцам правядзення канклаваў (сходаў кардыналаў, якія збіраюцца для выбрання папы рымскага), адначасова музей. Памяшканне прамавугольнае ў плане, паводле памераў (40 × 13 м) роўнае разбуранаму Саламонаву храму ў Іерусаліме. У 1481—83 сцены капэлы размаляваны фрэскамі са сцэнамі жыцця Майсея і Хрыста (маст. С.​Батычэлі, Пінтурык’ё, Л.​Сіньярэлі, Д.​Гірландайо, П.​Перуджына). У 1508—12 Мікеланджэла аздобіў столь, люнеты і распалубкі размалёўкай, адметнай багаццем і разнастайнасцю вобразаў, велічнай цэльнасцю задумы; драматызмам і выразнасцю вылучаецца размалёўка алтарнай сцяны «Страшны суд» (1536—41). Па кардонах Рафаэля (1515—16) сатканы шпалеры, якія ва ўрачыстыя дні закрывалі ніжнюю ч. алтарнай сцяны капэлы. Падлога аздоблена геам. інкрустацыяй з каляровых камянёў на ўзор сярэдневяковых храмаў. У 1980-я г. праведзена рэстаўрацыя фрэсак Мікеланджэла. Р.С.к. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымская Сіксцінская капэла. Агульны выгляд.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)